У журналіста «Нашай Нівы» атрымалася трапіць на прыём да старшыні камітэта па ахове здароўя Віктара Сірэнкі. Аднак адказы на свае пытанні ён так і не здолеў атрымаць. Чаму — чытайце далей.
У сераду, 15 студзеня, я перажыў незабыўныя хвіліны. Усё пачалося з жадання даведацца больш пра камісію, створаную 8 студзеня пры камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама, якая разглядае патрабаванні пратэстоўцаў з хуткай дапамогі.
Пра дзейнасць камісіі і яе прапановы вядома мала, і лагічным спосабам даведацца было задаць пытанне чалавеку з сістэмы — старшыні камітэта па ахове здароўя Віктару Сірэнку.
Звязацца з Сірэнкам сталася амаль немагчымай задачай. Ад самай раніцы да 3-й гадзіны дня, паводле адказу сакратаркі, яго не бывае ў офісе: Сірэнка ці ў Мінгарвыканкаме, ці ў Міністэрстве аховы здароўя. Пасля 15-й ён прыходзіць у свой кабінет, але вельмі заняты і не можа адказаць. Такі стан доўжыцца ў сярэднім ад 15 да 25 хвілін. Пасля занятасць чыноўніка звычайна падаўжалася на 10 хвілін, па прашэсці якіх сакратарка пераставала браць слухаўку, а потым сканчаўся працоўны дзень…
Праз некалькі дзён стала ясна, што шанцаў пачуць нават «без каментароў» ад Віктара Іванавіча няма. Але раптам з’явіўся промень надзеі: 15 студзеня — трэцяя серада месяца, а кожную трэцюю сераду месяца ў Сірэнкі абавязковы прыёмны дзень. Я зноў набраў нумар прыёмнай і папрасіў сакратарку запісаць мяне на прыём, хоць загадзя быў гатовы да адказу «Прабачце, але месцаў няма». На дзіва, сакратарка паведаміла: «Магу запісаць вас на 15.00. Вам падыходзіць гэты час?».
У 14.45 у сераду са спісам пытанняў я сядзеў у прыёмнай Сірэнкі. Акрамя мяне — нікога. Сірэнкі не было таксама. Сакратарка папярэдзіла, што ён затрымліваецца на 15 хвілін. Падначаленыя Сірэнкі вельмі хацелі яго ўбачыць: яны заходзілі з інтэрвалам у хвіліну-дзве і пыталіся, ці не з’явіўся начальнік, бо трэба падпісаць дакументы. Сакратарка толькі ўздыхала: «Вы ж ведаеце нашага… Паляцеў некуды, нічога не сказаў…»
Трэба адзначыць, Сірэнка выявіўся пунктуальным і спазніўся роўна на 15 хвілін. Ён зайшоў у свой кабінет, каб распрануцца. Усе вакол замітусіліся. З’явілася жанчына, напэўна, намесніца Сірэнкі. Яна назвала нумар кабінета, у якім праходзіць прыём грамадзян. Яшчэ раз пацікавілася, якое выданне я прадстаўляю. Сірэнка і яго памочніца пайшлі першымі. Раптам да мяне падышла сакратарка і нібыта ўпотай спытала: «У вас, спадзяюся, нейтральныя пытанні?» Я спытаў у адказ, што значыць «нейтральнае пытанне», аднак мне не адказалі.
У пакоі для прыёму за авальным сталом усеўся Сірэнка з памочніцай, насупраць пасадзілі мяне. Я дастаў тэлефон, уключыў дыктафон, паклаў яго перад сабой. Далей гутарка ішла наступным чынам:
— Добры дзень, Віктар Іванавіч, я журналіст «Нашай Нівы». Прыйшоў да вас на прыём, бо, на жаль, не змог датэлефанавацца. Я цікаўлюся лёсам пратэсту медыкаў хуткай дапамогі. Ці можаце вы расказаць пра нейкія вынікі працы камісіі?
Сірэнка моўчкі ківаў галавой.
— Прабачце?
Сірэнка працягваў ківаць і развёў рукамі.
— Прабачце, вы не хочаце адказваць на пытанне? Можаце, калі ласка, адказаць што-небудзь?
Сірэнка адмоўна пакруціў галавой.
— Мабыць, раскажаце пра сустрэчу з медыкамі 8 студзеня? Які бок ініцыяваў сустрэчу?
Сірэнка маўчаў.
—Добра. Можаце, калі ласка, расказаць пра склад камісіі? Якія спецыялісты ў яе ўвайшлі?
Сірэнка маўчаў.
— Ёсць яшчэ адно пытанне. Чаму ні на сайце камітэта па ахове здароўя, ні на сайце Мінгарвыканкама не з’явілася паведамленне пра стварэнне камісіі?
Нарэшце Сірэнка амаль шэптам сказаў: «Вы атрымаеце адказы ў пісьмовым выглядзе па адрасе, які ўказалі пры рэгістрацыі на сустрэчу».
Я пацікавіўся, якім чынам мне адкажуць на пытанні, якія нават не запісваюцца.
«Запісваюцца», — прашаптаў Сірэнка.
У наступны момант сакратарка моўчкі паказала рукой на кіпу рэчаў на стале. Там, паміж стосам нейкіх штодзённікаў і яшчэ чымсьці, ляжаў дыктафон (пра які, дарэчы, не папярэдзілі згодна з «Законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»). Пры гэтым за некалькі хвілін да гэтага Сірэнка жэстамі запэўніваў, што любая фота- і відэаздымка ў дадзенай сітуацыі забароненая (але якім законам гэта забараняецца, патлумачыў разводам рук у бокі).
Падчас размовы з Сірэнкам некалькі разоў мяне цягнула засмяяцца, бо сітуацыя нагадвала тэатр абсурду: перада мною сядзіць чыноўнік, адказны за ўсю ахову здароўя двухмільённага горада, якога я, як і мае бацькі і калегі, фінансую са сваіх падаткаў. І ён, нібыта дзіця, гуляе ў маўчанку, час ад часу ківае галавой і разводзіць рукі ў бокі.
Калі сур’ёзна, такі маналог з чыноўнікам — добрая ілюстрацыя ўсёй «адкрытасці» ўрада для грамадзян у цэлым і Міністэрства аховы здароўя ў прыватнасці. Нездарма Мінздароўя заняла першае месца ў леташнім рэйтынгу закрытасці міністэрстваў для СМІ. Аднак карысней усё ж пасмяяцца, бо абурацца з кожнай такой з процьмы падобных сітуацый — здароўя не хопіць.